СМАЛЯ́НСКІ ЗА́МАК,

помнік архітэктуры 1-й чвэрці 17 ст. на паўн.-зах. ускраіне в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Вядомы таксама пад назвамі «Белы Ковель» ці «Малы Ковель». Займаў прамавугольную ў плане пляцоўку (100 × 200 м) на правым беразе р. Дзярноўка. Пабудаваны да 1626 кн. С.​А.​Сангушкам-Ковельскім. Змураваны з буйной цэглы (29 × 13 × 8 см) і палявога каменю. Меў выгляд замкнутага прамавугольніка з унутр. дваром, вуглавымі 3-яруснымі вежамі і 5-яруснай 5-граннай вежай на паўн.-ўсх. фасаднай сцяне. 3-павярховы корпус палаца па перыметры двара меў сцены таўшчынёй 1,2—1,7 м. Муроўка замка паводле тыпу найбольш блізкая да т.зв. галандскай. 5-ярусная вежа вылучаецца вытанчаным рэльефным дэкорам, які мякка кантраставаў з гладкай паверхняй сцен. Арнамент аконных праёмаў і плоская ордэрная раскрапоўка вежаў сведчаць пра стылістычную сувязь з зах.-еўрап. архітэктурай. У матывах складанага рэнесансавага абрамлення рамкі-картуша прасочваюцца галандскія ўплывы. Захаваліся сляды вітых усходаў, што ішлі па ўнутр. перыметры вежы, шмат ніш рознага памеру, арачны пераход з гал. корпуса ў вежу, дэталі камінаў. Ёсць звесткі, што на схіле жыцця гаспадар замка кн. Сангушка-Ковельскі загадаў размаляваць пакоі карцінамі на рэліг. сюжэты, тэмы смерці і забыцця. З інвентароў замка за 1739 і 1742, калі ён належаў маршалку ВКЛ П.​Л.​Сангушку, вынікае, што «... замак мураваны на капцы» быў наўкола «вадою абвіты». Перад ім знаходзіўся стаў з мостам. Пры ўваходзе на дзядзінец, злева, быў вял. склеп. У пакоях стаялі печы з белай кафлі з гербам «Пагоня». Дапаможныя гасп. службы размяшчаліся не ў замку, а за ставам. Замак быў разбураны ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайну 1700—21. Заняпад С.з. пачаўся з канца 18 ст. і завяршыўся ў сярэдзіне 19 ст. (новы гаспадар Смалян сенатар Сямёнаў прадаў замак на цэглу). Захаваліся 5-ярусная вежа і рэшткі сцен.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977. С. 58—59;

Баравы Р.В. Да гісторыі замка ў Смалянах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3.

М.​А.​Ткачоў.

Смалянскі замак. Малюнак Ю.​Пешкі канца 18 ст.
Руіны вежы Смалянскага замка. Сучасны выгляд.

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)